rubeen

КАРОТКАЯ ГІСТОРЫЯ ВЁСКІ НІЗЯНЫ
Лічыцца, што назва вёскі пайшла ад слоў «нізкае месца», «нізіна». Вёска вядомая з 1615 г. (22 сям'і ,14 валок зямлі). У 1796 г. вёска належала Яну Вольтрату. У 1811 г. статус змяняецца на фальварак з вёскамі Мацвееўцы, Паўлаўшчына, Сцефанка і Улезлы ў складзе мястэчка Падароск, якія належалі Язэпу Грабоўскаму. У 1820 г. зноў мяняецца гаспадар - Кузьма Грабоўскі. З 1825 г. па 1936 г. ротмістр польскага войска Антон Сцюарт Галібуртон валодаў фальваркам з в. Кабылякі, які быў выкуплены ў графа Грабоўскага. Прыкладна ў гэты час фальварак аддзяліўся ад мястэчка Падароск. Усяго ў сядзібе на 1820-1830-я гады пражывала 166 мужчын і 134 жанчын [4]. У 1836 г. Антон Галібуртон памёр, а фальварак застаўся яго жонцы Канстанцыі з роду Длужнеўскіх і іх сыну Ігнату-Дамініку. У 1845 годзе маёнтак з вёскамі Паўлаўшчына, Мацвееўцы і Улезлы перайшлі да Дамініка Галібуртона. У 1858 г. у маёнтку пражывала 206 мужчын і 223 жанчыны. А ў 1859 г. да маёнтка была далучана в. Кабылякі. З акту праверачнай камісіі 1864 г.: «У Ваўкавыскім павеце ў Ізабелінскай воласці складаецца маёнтак Нізяны, які належыць памешчыку Дамініку Галібуртону i знаходзiцца ў адміністрацыі Адама Стравінскага. У склад гэтага маёнтка ўваходзілі тры вёскі: Паўлаўшчына, Мацвееўцы і Улезлы, гэта ўсяго 50 поўных гаспадароў, з якіх кожны, згодна інвентару, карыстаўся ўчасткам у 19 і 1/3 дзесяцін, з якіх 1 і 1/3 дзесяціны сядзібнай зямлі, 17 - раллі і 1 - пакосу. Акрамя таго, па інвентары ўсім сялянам прадстаўлена права пасвіць жывёлу па палях і па панскім лесе, якіх па інвентары налічана 1,257 дзесяціны» [7]. У 1869 г. маёнтак, якім у гэты час валодалі Маліноўскія, быў канфіскаваны царскімі ўладамі за ўдзел у паўстанні Каліноўскага. Фальварак быў прададзены пану Шараеву па цане 15006 рублёў за тысячу дзевяцьсот трыццаць восем дзесяцiн. У 1890 г. маёнтак з фальваркамі Кабылякі, Лясанка і Хацькоўшчына належалі Васілю Шараеву (1938 дзесяцін). У 1909 г. гэтыя вёскі пераходзяць па спадчыне сыну Васіля Антону Васільевічу Шараеву. У 1928 годзе землі атрымалі браты Вацлаў і Ежы (Юрыю) Шараевы. У 1934 г. “Тыгоднік Ваўкавыскі” (№21) пісаў: “У сядзібе Нізяны знаходзіцца маёнтак братоў Шараевых, які складаецца з шэрагу вёсак. Недалёка ад вёскі знаходзіцца маёнтак Кабылякі. Трэці маёнтак называецца Верусіно. Усе тры маёнтка складаюць цэлую гаспадарку. У маёнтку Нізяны маецца электрастанцыя і спіртзавод. У Кабыляках - лесапільня, паравы млын. У Верусіно - спіртзавод і шкіпінаравы завод. Хворых лячылі лекары паноў.» [4].
З успамінаў Рамановіч Лідзіі Рыгораўны мы ведаем, што паны Шараі па нацыянальнасці былі татарамі. Для працаўнікоў яны пабудавалі 2 баракі, дзе і сёння жывуць людзі: такія моцныя гэтыя пабудовы (Дадатак 1). Лідзія Рыгораўна лічыла, што пан Шарай быў чалавекам нядрэнным, але не любіў «гультаёў». У 1939 г., калі Чырвоная Армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь, сярэдні з братоў, Юрый, патануў у рэчцы, зімой прапаў і старэйшы - яго цела знайшлі ў калодзежы. Пахавалі старэйшага Шарая ў Грынявічах каля в. Малая Лапеніца. Самы малодшы - Іван пасвіў кароў і авечак у в. Трунцы, пакуль яго не забрала ў Варшаву сястра. Са жніўня 1941 г. па красавік 1942 г. у Нізянах дзейнічала падпольная камсамольская арганізацыя пад кіраўніцтвам Мікалая Амшэя. У вёсцы захоўваецца і сёння помніка воінам - землякам і падпольшчыкам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны [6]. Сёння вёска Нізяны з’яўляецца часткай Ізабелінскага сельсавета, а таксама ўключана ў склад СВК “Мацвееўцы”. Ад былога панскага хараства амаль нічога не засталося (Дадатак 2,3): маёнтак напаўразбураны, былая школа выкарыстоўваецца ў якасці крамы (Дадатак 4), затое ў панскіх бараках жывуць і сёння жыхары вёскі.

КАРОТКАЯ ГІСТОРЫЯ ВЁСКІ МАЦВЕЕЎЦЫ (КАБЫЛЯКІ)
У Мацвееўцах захаваліся адныя з самых вялікіх у Беларусі комплексаў гаспадарчых і службовых сядзібных будынкаў, якія і сёння выкарыстоўваюцца па назначэнню. Назва вёскі пайшла ад імя каваля Мацвея. Гэта быў працавіты чалавек. Старажылы да гэтага часу памятаюць тое месца, дзе была яго кузня. У 1796 г. вёска належала Міхалу Грабоўскаму, генерал-лейтэнанту войска Рэчы Паспалітай. З 1801 г. вёска была ўключана ў склад Гродзенскай воласці Расійскай імперыі. У 1905 г. налічвалася 297 жыхароў. Прыкладна ў гэты час у Мацвееўцах (Кабылякі) з’явіліся першыя паны Шараі. У 1914 г. у вёсцы налічвалася 42 двары, 265 жыхароў. З верасня 1915 г. зямля была акупіравана кайзераўскай
Германіяй, а ў перыяд з 1919 па 1920 гг. – польскімі войскамі. Са студзеня 1919 г. вёска ўваходзіла ў склад БССР, але ўжо ў сакавіку 1921 г. знаходзілася пад уладай Польшчы [2]. У лістападзе 1939 г. в. Кабылякі, ці Мацвееўцы, былі вернуты ў склад БССР (Ізабелінскі сельсавет Ваўкавыскі раён Беластоцкая вобласць). У сакавіку 1940 г. у вёсцы быў арганізаваны калгас імя Сталіна на базе памешчыцкага ўладання мястэчка Кабылякі. Першым старшынёй калгаса быў
Антон Міхайлавіч Дудар. Хутка пачалася Вялікая Айчынная вайна. Два гады ў вёсцы размяшчаліся гарнізоны немцаў.
Мацвееўцы былі акупіраваныя з 1941 па 1944 гг. У вайну загінула 19 вяскоўцаў. У тым месцы, дзе сёння знаходзіцца школа, быў пабудаваны ваенны аэрадром. З 1960 г. у вёсцы дзейнічаў калгас “Чырвоны Кастрычнік”. Да 1980-х гг. у м. Кабылякі на месцы былых панскіх пабудоў (якія былі потым спаленыя), жылі сем’і вяскоўцаў [1]. З 2003 г. у вёсцы пачаў дзейнічаць СВК “Мацвееўцы”. У 2004 г. у вёсцы налічвалася 220 двароў, дзейнічалі сярэдняя школа, бальніца. На 2015 год у вёсцы працуюць магазін, аддзяленне паштовай сувязі, навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа, бальніца сястрынскага дагляду пры амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, лазня, Цэнтр культуры і адпачынку, фальклорны гурт “Чараўніцы”, а таксама помнік зямлякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вёска Мацвееўцы - радзіма Пятруль Людмілы, беларускай мастачкі і паэткі, якая зараз жыве ў Мінску. Людміла Іванаўна нарадзілася 15 верасня 1947 года. У 1966-1971 гг. вучылася ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на кафедры мастацкага афармлення вырабаў тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці. Пачала ўдзельнічаць у выстаўках з 1972 года. На працягу 1980-1982 гг. Людміла Пятруль выкладала ў дзіцячай мастацкай школе №2 у Мінску, у 1989-1995 гг. – Беларускай акадэміі мастацтваў. З 1984 года жанчына стала членам Беларускага саюза мастакоў [8].

КАРОТКАЯ ГІСТОРЫЯ ВЁСКІ УЛЕЗЛЫ
Калісьці даўным-даўно, калі жылі паны на гэтай зямлі, прыйшлі людзі і вырашылі “улезці” на гэтую зямлю. Што было далей, невядома, але з таго часу, гэтую зямлю пачалі называць “Улезлы”. У 1796 г. Улезлы - вёска Ваўкавыскага павета Смаленскай губерніі, з 1801 г. – у складзе Гродзенскай губерніі Расійскай імперыі, належала Міхалу Грабоўскаму, генерал-лейтэнанту войска Рэчы Паспалітай. Прыкладна з XIX стагоддзя жыхары вёскі памятаюць паноў Галібуртонаў і
Шараяў, якія валодалі вёскай [2]. Першая сусветная вайна... Шмат хто з жыхароў вёскі збег у Расію, шукалі там прытулку. З верасня 1915 г. в. Улезлы была акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі, а з лютага 1919 г. па ліпень 1920 г. - польскімі войскамі. Пасля 1921 г. в. Улезлы была ўключана ў склад Польшчы (Ізабелінская гміна Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства). На 1921 г. у вёсцы пражываў 101 чалавек. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Улезлы былі акупіраваны нямецка-фашысцкімі войскамі. На фронт сышло 20 мужчын, 12 хлопцаў і дзяўчат было вывезена ў Германію. У вёсцы быў арганізаваны падпольны рух. За падпольную працу была расстраляна Шчыглінская Меланія Фёдараўна. Падчас вайны загінула 12 вяскоўцаў [1]. У 1949 г. быў арганізаваны калгас імя А. Неўскага, 1954 г. – вёска была ў складзе калгаса “Савецкая Беларусь”, у 1960 г. - калгас быў перайменаваны ў “Чырвоны Кастрычнік”. А з 2003 г. дзейнічае сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Мацвееўцы”. На 2015 г. у вёсцы пражывае 69 чалавек [7].
Надежда на село. Матвеевцы.
25.05.2021https://www.youtube.com/watch?v=rcAscXANz2o&list=PLqRbL1Wal_vpWBMNq6kzPTWGhz
BPNplUA&index=22
Речка Хоружевка и ее исторические окрестности
https://www.youtube.com/watch?v=7IYys2oeQuY&list=PLqRbL1Wal_vpWBMNq6kzPTWGhzBPNplUA
&index=35

Новости образования